ЦЭНТРА́ЛЬНАЕ БЮРО́ КРАЯЗНА́ЎСТВА,

грамадскі орган па кіраўніцтве краязнаўчым рухам на Беларусі ў 1920—30-я г. Дзейнічала з 1923 пры Інбелкульце, у 1929—36 пры АН Беларусі. Старшыні М.​І.​Бялуга, В.​А.​Серафімаў, адказны сакратар С.​В.​Скандракоў, навук. сакратары М.​І.​Каспяровіч, В.​А.​Самцэвіч і інш. У бюро працавалі М.​Азбукін, К.​Крапіва, В.​Пераход, У.​Пічэта, А.​Фядзюшын. Вывучала формы, метады і кірункі краязнаўчай работы, вяла ўлік краязнаўчых т-ваў і гурткоў, аказвала ім метадычную дапамогу, забяспечвала л-рай і бібліягр. інфармацыяй, каардынавала іх дзейнасць з дзярж. навук. арг-цыямі. Шырока прапагандавала краязнаўчую работу. Садзейнічала падрыхтоўцы краязнаўчых кадраў: праводзіла іх вучобу на спец. курсах, распрацавала план курса па краязнаўстве для ВНУ і тэхнікумаў. З кастр. 1925 выдавала час. «Наш край» (у 1930—33 наз. «Савецкая краіна»), зб-кі, дзе змяшчаліся матэрыялы краязнаўчых з’ездаў і канферэнцый, рэцэнзіі на краязнаўчыя выданні, праграмы і інструкцыі.

Літ.:

Амелькович Л.Г. Деятельность Центрального Бюро краеведения Белоруссии (1923—1933 гг.) // Вопросы библиотековедения и библиографоведения. Мн., 1975.

Л.​Г.​Амяльковіч.

т. 17, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)